Новости 9 "В"
16 лістапада ў г. Ваўкавыску праходзіў конкурс польскай паэзіі. Целеш Ангеліна заняла першае месца. Віншуем з перамогай!!!
Мы пабывалі з экскурсіяй на прадпрыемстве "Контэ Спа". Там нам расказалі, што на сённяшні дзень "Контэ Спа" - адзін з лідэраў у вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэткавых вырабаў ва Усходняй Еўропе. Асартымент прадукцыі для мужчын, жанчын і дзяцей пастаянна абнаўляецца.
Рабята пабачылі, як фарбуюць шкарпэткі. Былі сведкамі незвычайных пераўтварэнняў: на іх вачах белыя шкарпэткі за 2-3 хвіліны сталі рознакаляровымі, з рознымі малюнкамі.
На канікулах вучні нашага класа наведалі дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне, дзе пазнаёміліся з Гродзенскім перыядам жыцця сям’і Багдановічаў.
Экскурсаводы пазнаёмілі з перыядам жыцця сям’і Багдановічаў у Гродне з 1892 г. па 1896 г., з дзяцінствам будучага класіка беларускай літаратуры М. Багдановіча, з бацькамі паэта – Адамам Ягоравічам і Марыяй Апанасаўнай Багдановічамі.
Тут яны ўбачылі першы фотаздымак Максіма і яго маці, сямейны фотаздымак Багдановічаў, зробленыя ў Гродне, метрыкі хросту дзяцей Багдановічаў, асабістыя рэчы паэта – рамка для фотаздымкаў і сярэбраная гарбатная лыжка, зборнік «Вянок». Даведаліся наведвальнікі музея і пра страшную трагедыю сям’і Багдановічаў – раннюю смерць маці М.Багдановіча.
У інтэр’еры мемарыяльных пакояў (кабінеце бацькі, гасцёўні, жаночым і дзіцячым пакоях) кватэры сям’і дзяржаўнага служачага сярэдняга дастатку канца ХІХ ст., да якой належала сям’я Багдановічаў, прадстаўлены прадметы інтэр’еру і побыту канца ХІХ – пачатку ХХ стст.: кніжная шафа, пісьмовы стол, канапа, напольны гадзіннік, буфет для посуду, абедзенны стол, крэслы, камода, гарбатны столік, шырма, трумо, калыска, дзіцячыя цацкі.
Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала фісгармонія. Рабятам давялося нават учуць, як гучыць гэты незвычайны музычны інструмент.
А вось хто не быў у музеі М.Багдановіча або хто яшчэ раз хоча пабываць там, можа здзейсніць віртуальную экскурсію па гэтай спасылцы. https://bagdanovichmuseum.by/ekspazicyya/
Вельмі хутка экспазіцыя ў Старым замку будзе закрыта ў сувязі з рамонтнымі работамі, але нам яшчэ пашчасціла пабываць там.
Музей налічвае каля 20 залаў, і кожная знаёміць нас з цікавымі фактамі і падзеямі. Як жылі нашы продкі і чым захапляліся, як палявалі на мамантаў і як апрацоўвалі зямлю, аб чым марылі і на што спадзяваліся, як абаранялі сваю Радзіму і будавалі планы…
Цяпер мы ўжо добра ведаем, што такое брыль і човен, што такое гарбата і гармата, на свае ўласныя вочы мы пабачылі знакамітыя слуцкія паясы, пра якія М.Багдановіч у свой час пісаў:
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
Адным словам, лепш глядзіце нашы фотаздымкі і зайздросце, што мы там пабывалі.