Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!

Дата: 9 ноября 2015 в 15:52
824 просмотра

7 лістапада вучні і настаўнікі нашай школы пабывалі на экскурсіі ў Мінску. Не першы раз наведваем Мінск, але кожны раз імкнемся адкрыць для сябе нешта новае і кожны раз здзіўляемся па-новаму. Гэтая экскурсія не стала выключэннем.

Спачатку наведалі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ужо сама пабудова ўражвае сваёй велічнасцю і магутнасцю. Мы пабывалі ў 11 залах, у якіх прадстаўлена даваеннае, ваеннае і пасляваеннае жыцццё краіны. Асабліва хлопчыкам спадабалася ваенная тэхніка: танкі, самалёты, знакамітая “Кацюша”. З захапленнем слухалі пра партызанскі рух, пра подзвігі простых салдат, а сама экспазіцыя давала магчымасць перанесціся ў тыя жахлівыя і гераічныя часы, пабываць у лесе сярод партызан. Многія экспанаты нават прымушалі сціскацца сэрца ад жалю, болю і страху. Вось калодзеж, у якім патапілі дзяцей, а вось краты, за якімі знаходзіліся палонныя, а вось прылады, якімі катавалі нявінных людзей…

Завяршылі мы экскурсію па музеі ў мемарыяльнай зале Перамогі, дзе ўвекавечаны імёны герояў Савецкага Саюза.

Наведаўшы музей, яшчэ раз кожны з нас прыйшоў да высновы, што вайна – гэта антычалавечая з’ява, якая нясе людзям бяду, слёзы і смерць. І вельмі хочацца, каб пра яе мы даведваліся толькі з музеяў і кніг.

  

  

  

Яшчэ пабывалі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, стацыянарная экспазіцыя якога была створана ў 2012 годзе да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. Прызнацца чэсна, многія дзеці з неахвотай ішлі ў музей.  Нават нехта сказаў: “Зноў трэба слухаць біяграфію пісьменніка”. Але калі наведалі музей, то незадаволеных не знайшлося, бо на якасна новым, сучасным узроўні была прадстаўлена інфармацыя пра беларускага песняра. Мы наведалі восем экспазіцыйных залаў, і ў кожнай было нешта такое, што прымушала захапляцца не толькі дзяцей, але і нас, дарослых. Нам прапанавалі надзець акуляры і ў фармаце 3D паглядзець, як святкуюць на Беларусі Купалле. Экскурсавод цікава і даступна расказвала пра жыццё і творчасць паэта. Потым мы на міні-сцэне паглядзелі ўрывак з п’есы “Паўлінка”. Асабліва спадабаўся рабятам дзіцячы інтэрактыўны куточак, дзе яны не толькі пазнаёміліся з вершам “Хлопчык і лётчык”, але і пабывалі ў ролі парашутыста, і пагулялі ў камп’ютарную гульню. А ў рабочым кабінеце пісьменніка зусім нечакана для ўсіх з’явіўся сам Янка Купала, які прачытаў наведвальнікам верш. Гэта дапамагла зрабіць сучасная тэхніка - трывізар для трансляцыі аб’ёмных відарысаў. 

  

  

  

Потым яшчэ была Нацыянальная бібліятэка, з пляцоўкі якой адкрылася амаль ўся наша сталіца. Стоячы там, хацелася крыкнуць: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.